«Хімікі — гэта не толькі вучоныя і выкладчыкі. Гэта яшчэ і тэхнолагі». 3 красавіка 2013 г. «Настаўніцкая газета».
Цікавыя звесткі днямі абнародаваў Нацыянальны статыстычны камітэт — склаў рэйтынг сфер дзейнасці паводле сярэдняй заработнай платы. Такім чынам, самыя высокія заробкі, вядома, у сферы, звязанай з вылічальнай тэхнікай. На другім жа месцы знаходзіцца хімічная вытворчасць, а на чацвёртым — вытворчасць нафтапрадуктаў. Адметна пры гэтым, што інжынераў-тэхнолагаў у нашай краіне вельмі не хапае, а рыхтуе іх для хімічных вытворчасцей толькі Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў БДТУ, які наведалі нашы карэспандэнты, рыхтуе інжынераў-тэхнолагаў для вытворчасці прадукцыі з драўніны, пластмасы, рызіны, для лакафарбавай, цэлюлозна-папяровай, нафтахімічнай, мікрабіялагічнай, парфюмерна-касметычнай вытворчасцей, а таксама для іншых напрамкаў хімічнай прамысловасці, заснаваных на арганічнай хіміі. Таму і галоўным “пропускам” на факультэт для абітурыентаў з’яўляецца менавіта іспыт па хіміі.

З нядаўняга часу тут пачата падрыхтоўка спецыялістаў для фармацэўтычнай прамысловасці: у мінулым годзе на факультэце ўпершыню адбыўся набор на спецыяльнасць “Тэхналогія лекавых прэпаратаў” са спецыялізацыямі “Прамысловая тэхналогія лекавых прэпаратаў” і “Тонкі арганічны сінтэз”. І, трэба сказаць, прайшоў ён вельмі паспяхова: прахадны бал быў адным з самых высокіх ва ўніверсітэце — 261.
У межах новай спецыяльнасці рыхтуюць як тэхнолагаў для фармацэўтычных прадпрыемстваў, так і аналітыкаў, даследчыкаў для работы ў НДІ.

 З 2012 года ў БДТУ пачалася падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасці “Тэхналогія лекавых прэпаратаў” са спецыялізацыямі “Прамысловая тэхналогія лекавых прэпаратаў” і “Тонкі арганічны сінтэз”. Акрамя таго, тэхналагічны ўніверсітэт — адзіная ўстанова ў краіне, дзе можна стаць інжынерам па сертыфікацыі фармацэўтычнай прадукцыі: у мінулым годзе тут была адкрыта адпаведная спецыялізацыя ў межах спецыяльнасці “Фізіка-хімічныя метады і прыборы кантролю якасці прадукцыі”. Такі адказ універсітэта на бурнае развіццё фармацэўтычнай галіны.
— Гэта патрабаванне часу, — лічыць загадчык кафедры біятэхналогіі і біяэкалогіі кандыдат хімічных навук В.М.Лявонцьеў. — Лекаў спажываецца ўсё больш, таму ў краіне павінна быць не толькі ўласная іх вытворчасць, але і распрацоўка.
Віктар Мікалаевіч паказаў, як за мінулы год “прырасла” лабараторная база падрыхтоўкі спецыялістаў для фармацэўтычнай прамысловасці.
— Вось прыборы для аналізу растваральнасці, распадальнасці таблетак, вось прыбор для вывучэння бялкоў, што выкарыстоўваюцца ў прэпаратах бялковай прыроды, — загадчык кафедры правёў экскурсію па спецыялізаванай лабараторыі. — Далей: ліафільная сушылка для лекавых сродкаў, біялагічных субстанцый, маразільнік для працяглага захоўвання штамаў мікраарганізмаў. На базе тэхналагічнага ўніверсітэта ў 2014—2015 гадах будзе стварацца цэнтр па рабоце з прамысловымі штамамі мікраарганізмаў.
Новае нямецкае абсталяванне закуплена па дзвюх дзяржаўных праграмах — “Імпартазамяшчальная фармпрадукцыя” і “Інавацыйныя біятэхналогіі”, якія ўключаюць падпраграмы па падрыхтоўцы кадраў. Вытрымаць конкурс на фінансаванне было няпроста. Дапамог ужо назапашаны вопыт падрыхтоўкі біятэхнолагаў, якія паспяхова працуюць на фармацэўтычных прадпрыемствах. Раней студэнты атрымлівалі веды па тэхналогіі лекавых прэпаратаў у межах спецыяльнасці “Біятэхналогія” (у тым ліку і непасрэдна на прадпрыемстве “Белмедпрэпараты”, дзе створаны філіял кафедры біятэхналогіі і біяэкалогіі БДТУ), хоць і не ў поўным аб’ёме. У мінулым годзе, напрыклад, размеркаванне атрымалі каля 30 біятэхнолагаў з адпаведнай спецыялізацыяй.
Попыт на тэхнолагаў і хімікаў на прадпрыемствах па выпуску фармпрадукцыі вельмі высокі. Ствараюцца новыя сучасныя прадпрыемствы, як дзяржаўныя, так і прыватныя. Дэфіцыт кадраў абвастраецца з-за міграцыі ў суседнюю Расію, дзе таксама бурна развіваецца фармацэўтычная прамысловасць. Таму сёлета, напрыклад, хімічны факультэт БДУ ўпершыню пачне прыём на спецыяльнасць “Хімія лекавых злучэнняў”. У БДТУ на спецыяльнасці “Тэхналогія лекавых прэпаратаў” прадугледжана 45 бюджэтных месцаў.
Акрамя таго, у тэхналагічным універсітэце працягнецца падрыхтоўка інжынераў па сертыфікацыі фармацэўтычнай прадукцыі — адпаведная спецыялізацыя была адкрыта ў 2012 годзе ў межах спецыяльнасці “Фізіка-хімічныя метады і прыборы кантролю якасці прадукцыі”. Студэнты, якія выбіраюць гэтую спецыялізацыю, акрамя іншага, будуць вывучаць новыя міжнародныя стандарты GMP — ім павінна адпавядаць любая фармпрадукцыя, што экспартуецца. Пад гэтыя стандарты зараз будуюцца новыя прадпрыемствы, пераабсталёўваюцца дзеючыя. На цяперашні момант БДТУ — адзіная ўстанова ў краіне, дзе можна стаць спецыялістам па сертыфікацыі фармацэўтычнай прадукцыі. Пакуль на прадпрыемствах гэтым займаюцца інжынеры са спецыялізацыямі “Сертыфікацыя прамысловых тавараў” і “Сертыфікацыя харчовых тавараў”.

Дэкан факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў Юрый Сяргеевіч Радчанка давярае беларускім лекам, таму што ведае сітуацыю не па чутках: цесна кантактуе з прадстаўнікамі прадпрыемстваў.

— Так, я карыстаюся беларускімі лекавымі прэпаратамі, — адказаў на наша чыста спажывецкае пытанне дэкан. — Яны не горшыя за імпартныя — у гэтым вас пераканаюць і нашы студэнты, якія праходзяць практыку на “Белмедпрэпаратах”. Уся справа ў сыравіне, а яна звычайна аднолькавая і завозіцца з адных і тых жа краін. Што да тэхналагічнага працэсу вытворчасці і абсталявання, то яны адпавядаюць сусветным стандартам.
З Юрыем Сяргеевічам мы пагаварылі пра тое, чым жыве факультэт, якія сучасныя тэндэнцыі вышэйшай адукацыі тут развіваюцца. Аказваецца, факультэт цалкам “у трэндзе”.
Па-першае, як і ўвесь універсітэт, пераходзіць на дыферэнцыраваныя тэрміны навучання. Так, з 2013 года будзе весціся прыём абітурыентаў ужо на скарочаныя 4,5-гадовыя праграмы падрыхтоўкі па спецыяльнасцях “Хімічная тэхналогія перапрацоўкі драўніны”, “Хімічная тэхналогія арганічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў”, “Фізіка-хімічныя метады і прыборы кантролю якасці прадукцыі”. Спецыяльнасць “Біяэкалогія” ўвогуле можна будзе атрымаць за 4 гады. Застанецца 5-гадовым тэрмін навучання толькі па спецыяльнасцях “Біятэхналогія” і “Тэхналогія лекавых прэпаратаў”.
Па-другое, у гэтым годзе ўніверсітэт запускае праграмы навучання, інтэграваныя з праграмамі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дзякуючы гэтаму, выпускнікі каледжаў змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю завочна ўсяго за 4,5 года. Праўда, на факультэце тэхналогіі арганічных рэчываў новаўвядзенне пакуль тычыцца толькі выпускнікоў каледжаў 2013 года і толькі трох спецыялізацый спецыяльнасці “Хімічная тэхналогія арганічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў”. Так, “Тэхналогія лакафарбавых матэрыялаў” інтэгруецца з адпаведнай спецыялізацыяй Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, “Тэхналогія перапрацоўкі эластамераў” — з аналагічнай спецыялізацыяй Бабруйскага механіка-тэхналагічнага каледжа, “Тэхналогія асноўнага арганічнага і нафтахімічнага сінтэзу” — са спецыяльнасцю “Перапрацоўка нафты і газу” Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Па словах Ю.С.Радчанкі, дагаворы з названымі каледжамі заключаны, праграмы ўзгоднены, попыт з боку выпускнікоў вывучаны. Нават чакаецца сур’ёзны конкурс. “Возьмем не ўсіх, а толькі самых лепшых, — падкрэслівае дэкан. — На тры спецыялізацыі мы плануем прыняць 30 чалавек. Для абітурыентаў прадугледжваюцца ЦТ па мове і два ўнутраныя экзамены па спецыяльнасці”. У будучыні факультэт мае намер пашыраць магчымасці скарочанага навучання для выпускнікоў каледжаў. Галоўнае, знайсці партнёрскія ўстановы, дзе ёсць адпаведныя спецыяльнасці, а таксама выпускнікі, зацікаўленыя ў атрыманні вышэйшай адукацыі. Увогуле ва ўніверсітэце падрыхтоўка па інтэграваных праграмах у скарочаны тэрмін вядзецца па 7 спецыяльнасцях і 12 спецыялізацыях.
Па-трэцяе, факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў БДТУ рыхтуе прапановы наконт практыка-арыентаванай магістратуры: вызначае, па якіх спецыяльнасцях неабходна навучанне на другой ступені, наколькі ў гэтым зацікаўлены прадпрыемствы і г.д. Таму, хутка студэнтам БДТУ старшых курсаў прапануюць працягнуць адукацыю ў магістратуры.

І па-чацвёртае, факультэт падтрымлівае цесныя сувязі з прадпрыемствамі хімічнай галіны. Дэкан паказаў нам вялізны стос заявак ад прамысловых прадпрыемстваў самых розных “калібраў”, геаграфічнага месцазнаходжання, формы ўласнасці: справа ідзе да размеркавання. “Штогод мы размяркоўваем 100% выпускнікоў бюджэтнай формы навучання і нават многіх платнікаў па іх жаданні”, — сцвярджае Юрый Сяргеевіч. У БДТУ, як вядома, па кожным напрамку падрыхтоўкі створаны вучэбна-навукова-вытворчыя цэнтры. Прадпрыемствы дапамагаюць універсітэту ў падрыхтоўцы кадраў (забяспечваюць сыравінай, неабходнай інфармацыяй і дакументацыяй, што тычыцца тэхналагічнага працэсу, прадстаўляюць месцы практыкі, перадаюць абсталяванне), а ўніверсітэт, са свайго боку, аказвае дапамогу з пункта гледжання навукі і, натуральна, накіроўвае на прадпрыемствы сваіх выпускнікоў. За 83 гады тэхналагічны ўніверсітэт выпусціў шмат пакаленняў тэхнолагаў, дзякуючы якім і ўдалося ўсталяваць трывалыя адносіны з рэальным сектарам.

Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.